Шклоў
Шклоў[4] (трансліт.: Škloŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Шклоўскага раёна, на правым беразе Дняпра. За 30 км ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Орша — Магілёў. Насельніцтва 16 310 чал. (2017)[5].
Горад
Шклоў
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьУзнік на месцы Старашклоўскага гарадзішча каля сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка не пазней за IX ст.
Упершыню ўскосна згадваецца ў 1466 годзе ў лісце наваградскага намесніка Марціна Гаштольда да свайго шклоўскага намесніка Комара, арыгінал дакумента захоўваецца ў Бібліятэцы Асалінскіх ва Уроцлаве. У тастаменце Яна Якуба Неміровіча ад 1518 года згадваецца шклоўскі намеснік Гаштольда пан Фёдар Дурасовіч. У 1526 годзе праз Шклоў у Маскву праехаў імператарскі пасол Сігізмунд Герберштэйн.[6]
Падчас маскоўска-вялікалітоўскай вайны (1534—1537) спалены ў 1535 годзе. З другой паловы XVI стагоддзя цэнтр Шклоўскага графства. Падчас Лівонскай вайны (1558—1583) двойчы спалены маскоўскімі войскамі. У канцы XVI стагоддзя перанесены на сучаснае месца. У XVI—XVII стагоддзях у горадзе існаваў вялікі Шклоўскі замак і Шклоўскія гарадскія ўмацаванні. У 1654 годзе, пасля кароткай аблогі, магістрат здаў горад рускім войскам. Улетку 1655 года ў Шклове размяшчалася часовая стаўка рускага цара Аляксея Міхайлавіча. У 1660 годзе горад вызвалены, у 1666 годзе зноўку захоплены рускімі войскамі. У 1667 годзе вернуты Рэчы Паспалітай. Шклоў быў цэнтрам Шклоўскага графства. У 1708 годзе (падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў) разбураны рускімі войскамі за дапамогу шведам. У 1762 годзе атрымаў магдэбургскае права, пячатку і герб.
У складзе Расійскай імперыі
правіцьПасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1773—1777 гадах цэнтр павета Магілёўскай правінцыі і губерні. З 1777 года мястэчка, цэнтр воласці Магілёўскага павета. З 1778 года валоданне С. Г. Зорыча. У перыяд уладання Сямёна Зорыча ў Шклове працавалі разнастайныя мануфактуры, якія працавалі пераважна на мясцовай сыравіне, абслугоўвалі патрэбы вотчыннага двара і выраблялі прадукцыю на продаж. Канатная мануфактура (1790—1799) вырабляла канаты і пражу з ільняной кудзелі і пянькі. У 1797 годзе працавала звыш 50 чалавек, выпушчана канатаў агульнай даўжынёй 10 тысяч сажаняў[7]. Парусінавая мануфактура (1794—1845) вырабляла тонкае і паруснае палатно з ільняных і пяньковых нітак. Працавалі таксама шаўкаткацкая (1781—1799), гарбарная (1794—1798) і суконная (1781—1809) мануфактуры[7].
У пачатку XIX стагоддзя — важны гандлёвы цэнтр Беларусі, прыстань на Дняпры. У пачатку XX стагоддзя праз Шклоў пракладзеная чыгунка Орша — Магілёў.
Найноўшы час
правіць25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшоў у склад Савецкай Беларусі.
Са снежня 1919 года ў складзе РСФСР. З 1924 года, пасля першага ўзбуйнення БССР — цэнтр Шклоўскага раёна БССР.
У Другую сусветную вайну з 1941 года да 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1977 годзе ў склад горада ўключана вёска Іскра[8], 14 снежня 2007 года — вёскі Маладзёжная, Рыжкавічы і Малое Зарэчча[9], 20 лістапада 2013 года — вёска Вялікае Зарэчча[10].
Насельніцтва
правіць- XVII стагоддзе: 1650 — 8 540 чал.[1]; 1661 — 4 375 чал.[1]
- XIX стагоддзе: 1880 — 2 393 чал., з іх праваслаўных 1 268, каталікоў 33, іўдзеяў 1 092[11]
- XX стагоддзе: 1923 — 6 617 чал.; 1939 — 8,1 тыс. чал.; 1959 — 7,8 тыс. чал.; 1979 — 11,8 тыс. чал.; 1991 — 15 тыс. чал.[12]
- XXI стагоддзе 2004 — 15,9 тыс. чал.; 2006 — 15,6 тыс. чал.; 2008 — 16,6 тыс. чал.; 2009 — 17,8 тыс. чал.; 2015 — 16 359[13]; 2016 — 16 425 чал.[14]; 2017 — 16 310 чал.[5]
Эканоміка
правіцьПрадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасці. Гасцініца «Крынічка». Уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гісторыка-культурная спадчына Магілёўскага края» і «Айчыны славутыя імёны».
Культура
правіцьШклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У музея два філіялы — Дом-музей Пятра Алейнікава (вёска Крывель) і музей працоўнай і баявой славы «Сельгастэхніка» (Шклоў).
Дзейнічаюць Дом культуры, бібліятэка.
Адукацыя
правіцьУ Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спецшкола, цэнтр развіцця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.
СМІ
правіцьУ горадзе выдаецца газета «Ударны фронт».
Славутасці
правіць- Шклоўская ратуша (1770—1772 гг., мураваная).
- Спаса-Праабражэнская царква (да 1905 г., мураваная).
- Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (1849 г., мураваны).
- Шклоўскі ідал (X ст., знойдзены каля Шклова ў 1963 г.) — скульптура паганскага бажаства.
- Ніжнінскі роў (геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння)
- Шклоўская сінагога (2-я пал. XVII ст.).
- Шклоўская сядзіба
- Будынак канторы папяровай фабрыкі «Спартак» (1898)
- Жылыя дамы (XVIII—XIX стст.)
- Помнік расійскаму генералу Сямёну Зорычу (2007)
- Помнік агурку (2007)
Страчаная спадчына
правіць- Кадэцкі корпус (XVIII ст.)
- Сядзіба Крывашэіна (пач. XX ст.)
- Царква Уваскрашэння Хрыстова (XVII ст.)
- Свята-Уваскрасенская царква (XVIII ст.)
Вядомыя асобы
правіць- Святлана Георгіеўна Алейнікава (нар. 1942) — беларускі архітэктар.
- Міхаіл Іосіфавіч Гузікаў (1806—1837) — беларускі музыкант.
- Андрэй Ігнатавіч Зюзькоў (1904—1938) — беларускі гісторык.
- Еўдакія Сцяпанаўна Лепля (1927—1976) — мікрабіёлаг, доктар медыцынскіх навук[15].
- Майсей Ісакавіч Пэўзнер (1865—1955) — вучоны ў галіне тэрапіі, інфекцыйных захворванняў, доктар медыцынскіх навук.
- Усевалад Пятровіч Радзько (1937—2021) — вучоны-фізік, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996)[16].
- Леанід Іванавіч Рахцеенка (1939—1998) — вучоны ў галіне дэндралогіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1976 года[16].
- Эдуард Максімавіч Сарока (нар. 1940) — філосаф, доктар філасофскіх навук.
- Святлана Віктараўна Сярова (нар. у 1986) — беларуская лёгкаатлетка.
- Дар’я Чульцова (нар. у 1997) — беларуская журналістка, палітычная зняволеная.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ а б в Лукашэвіч А. Шклоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 757. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Полехов С. В. Древнейшее упоминание Шклова — 1466: послание новогородского наместника Мартина Гаштольда // Архіварыюс. № 19. — Мінск: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2021. — С. 77-82.
- ↑ а б Лён 2009, с. 159.
- ↑ Рашэнні выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 студзеня, 16 і 22 лютага 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 9 (1527).
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 14 декабря 2007 г. № 5-25 Об изменении административно-территориального устройства Шкловского района
- ↑ Решение Могилёвского областного совета депутатов №23-1 от 20 ноября 2013 г. Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области
- ↑ Szkłów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 922.
- ↑ Шклов // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — С. 209.
- ↑ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Літаратура
правіць- Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шклоў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Шклоў на OpenStreetMap
- Надвор’е ў горадзе Шклоў