Эфталіты
Эфталі́ты, белыя гуны (саманазва: ηβοδαλο) † — старажытны цюркскі або мангольскі народ, стваральнікі магутнай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі ў V — VI стст. н. э. Яе цэнтрам быў Тахарыстан, аднак межы дзяржавы эфталітаў распаўсюджваліся далёка на поўнач і на ўсход. У VI ст. адзіная дзяржава эфталітаў распалася ў выніку войн з Іранам і Цюркскім каганатам, аднак дробныя эфталіцкія дзяржавы працягвалі існаваць да VIII ст.
Эфталіты † (ηβοδαλο) | |
Выява VI ст. або VII ст.
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Тахарыстан |
Мова | эфтлаліцкая, бактрыйская |
Рэлігія | політэізм, будызм |
Блізкія этнічныя групы | гуны |
Нашчадкамі эфталітаў сябе лічаць уйгурскія «цыганы» эйну, а таксама частка туркменаў — халаджы.
Паходжанне
правіцьНайменне эфталіты паходзіць ад скажонай саманазвы гэтага народа ηβοδαλο (ēbodāl). Падчас знаходжання ў Тахарыстане яны карысталіся бактрыйскай мовай іранскага паходжання і пісьмом на аснове грэчаскага алфавіта, аднак захоўвалі цюркскі тытул «ябхгу» свайго вярхоўнага правадыра. У XX ст. шэраг даследчыкаў высоўваў думку, быццам бы эфталіты маглі быць прадстаўнікамі іранскіх плямёнаў і сфарміраваліся на тэрыторыі сучаснага Афганістана. Аднак гэта супярэчыць крыніцам таго часу. Так, Пракопій Кесарыйскі пісаў, што эфталіты належаць да гунаў як па назве, так і па факту. Кітайскія аўтары таксама лічылі эфталітаў нашчадкамі гунаў або (у пазнейшы час) протамангольскага племені сяньбі. Большасць сучасных навукоўцаў мяркуе, што эфталіты мігрыравалі ў Тахарыстан з Алтая ў той жа перыяд, калі пачалася міграцыя гунаў на захад.
Гісторыя
правіцьЭфталіты перасяліліся на поўдзень Цэнтральнай Азіі ў сярэдзіне IV ст. У 442 г. яны былі ўпершыню ўзгаданы ў сувязі з вайной з Сасанідамі. Да гэтага часу яны ўжо сфарміравалі сваю манархічную дзяржаву з цэнтрам у Тахарыстане. Пасля 479 г. эфталіты авалодалі багатай краінай Согд. У канцы V ст. падначалілі Турфан. Каля 462 г. яны або выціснулі з Тахарыстана племя алхона, або яно само аддзяліліся ад эфталітаў і рушыла ў Паўднёвую Азію, дзе заваявала частку імперыі Гупта. У даследаваннях XX ст. дзяржавы алхона часцяком блыталіся з эфталіцкімі, паколькі выціснутыя на поўдзень качэўнікі падобна эфталітам карысталіся бакрыйскім пісьмом і атаясняліся з гунамі.
У 458 г. сасанідскі прынц Пероз з дапамогай эфталіцкага валадара Ахшунвара атрымаў перамогу над сваім братам Арміздам III. Аднак саюз Пероза з эфталітамі працягваўся толькі да 474 г. Ён правёў супраць іх 3 ваенныя кампаніі, але ўсе прайграў. У 484 г. ён загінуў у бітве з імі. Кавад, сын Пероза, апынуўся на некаторы час у заложніках, дачка Пероздухт была вымушана выйсці замуж за эфталіцкага валадара. Сасанідскі Іран выплочваў дзяржаве эфталітаў велізарную даніну. У 498 г. Кавад, зрынуты паўстанцамі, быў вымушаны звяртацца за дапамогай да эфталітаў, каб вярнуць сабе трон.
Каля 557 г. сасанідскі манарх Хасроў I у саюзе з Цюркскім каганатам перамог эфталітаў у бітве пад Бухарой. Сасаніды і цюркі падзялілі дзяржаву эфталітаў па рацэ Амудар’я. У Тахарыстане і поўначы Афганістана захаваліся некалькі дробных залежных дзяржаўных аб’яднанняў, дзе кіравалі эфталіцкія роды. Паўночныя эфталіты, падначаленыя Цюркскаму каганату, працягвалі войны з Іранам. Відавочна, гэта яшчэ болей саслабіла іх, паколькі к канцу першай чвэрці VII ст. улада ў эфталіцкіх дзяржавах пачала пераходзіць да феадалаў цюркскага паходжання.
У 652 — 654 гг. дзяржавы эфталітаў былі заваяваны арабамі. Каля 689 г. яны паўсталі супраць Амеядскага халіфата, але пацярпелі паражэнне. Тым не меней, у кітайскіх дакументах эфталіцкія дзяржавы ўзгадваліся амаль да сярэдзіны VIII ст.
Культура
правіцьУ ранніх кітайскіх крыніцах паведамлялася, што эфталіты рассеяліся па чужых краінах, дзе кіруюць дзесяткамі добра ўмацаваных гарадоў і паселішчаў, але селяцца ў намётах. Сярод іх вылучаліся бедныя і заможныя. Такім чынам, эфталіты першапачаткова захоўвалі качавы лад жыцця. Але ўжо Пракопій Кесарыйскі казаў, што эфталіты ў адрозненні ад іншых гунаў не качавалі, імі кіраваў адзіны манарх, і яны прытрымліваліся законаў. Старыя традыцыі наўдаўжэй захоўваліся ў побыце і ваеннай справе. Эфталіты дэфармавалі чэрапы, практыкавалі паліандрыю. Аснову іх войска складала конніца. Эфталіцкія воіны карысталіся прамымі «гунскімі» мячамі і шлемамі са злучаных рухомых папярочных палос.
У выніку заваяванняў у склад эфталіцкай дзяржавы ўвайшлі значныя тэрыторыі, насельніцтва якіх звычайна належала да іранамоўных аселых народаў. Розныя часткі дзяржавы захоўвалі пэўную аўтаномію. Самарканд і некаторыя іншыя рэгіёны нават накіроўвалі асобныя пасольствы ў Кітай. Яны выплочвалі цэнтральнаму кіраўніцтву даніну. На тэрыторыі Афганістана былі знойдзены запісы пазнейшай пары, дзе ўзгадваўся спецыяльны падатак для эфталітаў.
Афіцыйнай мовай дзяржаў эфталітаў была бактрыйская. У спадчыну ад Кушанскай дзяржавы дасталіся пісьмо на аснове грэчаскага алфавіта і іранамоўныя назвы пасад — асбарабідо́ (камандзір коннікаў), аазарко («яго вялікасць»), шаа (манарх) і інш. Іх знаходзяць на надпісах на каштоўных камянях і манетах. У іранскіх крыніцах валадарам эфталітаў прыпісваліся тытулы, характэрныя для сасанідскай дзяржавы. Паралельна выкарыстоўваліся цюркскія назвы высакародных «ябхгу» і «тархан».
Для заваяваных зямель была характэрна канфесійная стракатасць. Мясцовае насельніцтва вызнавалі зараастрызм, але захоўвала шматлікія перажыткі старажытных культаў. Вядома, што ў дзяржаве эфталітаў таксама жылі хрысціяне. Раннія кітайскія крыніцы ўзгадвалі тое, што эфталіты шануюць бога неба Ціеншэ́нь і бога агня Хуашэнь. Прадстаўнікі гэтага народа з Ферганскай даліны хавалі высакародных памерлых у каменных магільнях, для бедных абшчыннікаў папросту рылі яміны ў зямлі. Сунь Юнь, кітайскі паэт і пілігрым сярэдзіны VI ст., наракаў на тое, што эфталіты не вызнавалі будызм і нават нецярпіма адносіліся да яго. Відавочна, такое стаўленне да будызму паступова змянілася, паколькі ў дзяржавах эфталітаў усталёўвалі будысцкія помнікі. Найбольш вядомыя з іх Баміянскія статуі Буды.
Спасылкі
правіць- The Hephthalites
- HEPHTHALITES — Encyclopaedia Iranica
- White Huns (Hephthalites) — World History Encyclopedia
- B. A. Litvinsky, THE HEPHTHALITE EMPIRE
- When Horse Lords Subdued Iran, India And Beyond: The Empire Of The Hephthalites Архівавана 26 верасня 2021.
- EFTALIYLAR DAVRIDA IJTIMOIY-IQTISODIY VA MADANIY HAYOT