Японскі сад
Японскі сад — разнавіднасць саду, прынцыпы арганізацыі якога былі распрацаваны ў Японіі ў VIII—XVIII стагоддзях.
У 794 годзе сталіца Японіі была перанесена з Нары ў Кіёта. Першыя сады нагадвалі месцы для правядзення святаў, гульняў і канцэртаў пад адкрытым небам. Садам гэтага перыяду ўласцівая дэкаратыўнасць. У іх высаджвалі мноства квітнеючых дрэў (сліву, вішню), азаліі, а таксама павойную расліну — гліцынію.
Аднак у Японіі ёсць і сады без зеляніны, створаныя з камення і пяску. Японскі сад сімвалізуе дасканалы свет зямной прыроды, а часам выступае ўвасабленнем Сусвету. Характэрнымі элементамі яго кампазіцыі з’яўляюцца штучныя горы і пагоркі, выспачкі, ручаі і вадаспады, сцежкі і ўчасткі пяску або жвіру, упрыгожаныя камянямі незвычайных абрысаў. Пейзаж саду фармуецца з дапамогай дрэў, кустоў, бамбука, травы, прыгожа квітнеючых травяністых раслін, а таксама моху. На тэрыторыі саду могуць таксама размяшчацца каменныя ліхтары, альтанкі, чайныя дамочкі.
Фарміраванне асноў японскага садаводства адбывалася пад уплывам эвалюцыі японскай архітэктуры, а таксама рэлігійна-філасофскіх уяўленняў японскай шляхты. Першапачаткова сад быў складовай часткай рэзідэнцый арыстакратаў, але пасля быў запазычаны будысцкімі манастырамі і шляхетнымі самураямі. З XIX стагоддзя ён атрымаў распаўсюджванне сярод японскіх простых людзей, стаўшы неад’емнай часткай многіх прыватных дамоў. У XX стагоддзі збудаванне садоў у японскім стылі стала папулярным і за межамі Японіі.
Трыма найбольш вядомымі садамі Японіі традыцыйна лічацца Кэнроку-эн (Канадзава), Кораку-эн (Акаяма) і Кайраку-эн (Міто).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Японскі сад
- Гісторыя садоў Кіёта Архівавана 24 кастрычніка 2018. (яп.)
- Прыгажосць японскіх садоў (яп.)
- Гісторыя японскіх садоў Архівавана 26 кастрычніка 2007. (яп.)
- Падарожжа японскімі садамі Архівавана 22 мая 2009. (яп.)