Размах крылаў 8—11,5 см. Афарбоўка крылаў сіне-зялёная на поўначы арэала і для зімуючага пакалення ў цэнтральных і паўднёвых штатах ЗША; крылы другога і трэцяга пакалення маюць больш жоўта-зялёную афарбоўку. Пярэднія крылы трохвугольнай формы, з серпападобна завостранай вяршыняй. Заднія крылы з лірападобна выцягнутымі анальнымі вугламі, у выглядзе хвастоў, якія падтрымліваюцца падоўжанымі і выгнутымі жылкамі M3, Cu1 Cu2 і A2. У самцоў выцягнутая частка задніх крылаў амаль роўная або перавышае шырыню крыла, у самкі — менш шырыні крыла. Кастальны край пярэдняга крыла чырванавата-ружовы. Цела валькаватае, густа апушанае. Вусікі пёрыстыя, з двума парамі вырастаў на кожным членіку, у самак вырасты значна карацейшыя, чым у самцоў. Ротавыя органы рэдукаваныя: хабаток недаразвіты. Ногі скарочаныя; галёнкі задніх ног з 2—3 шпорамі[1].
Змрочныя і начныя матылі, самцы больш актыўныя, чым самкі[1].
У залежнасці ад кліматычных умоў на розных тэрыторыях арэала, развіваецца ў рознай колькасці пакаленняў за год. У Канадзе і паўночных рэгіёнах ЗША развіваецца адно пакаленне ў год. У сярэднеатлантычных штатах від развіваецца ў двух пакаленнях за год, а паўднёвей — дае тры пакаленні за год. У цэнтральных штатах першае пакаленне з’яўляецца ў красавіку, другое — у ліпені. Паўднёвей першае пакаленне з’яўляецца ў сакавіку, а другое і трэцяе з’яўляюцца адпаведна праз восем—дзесяць тыдняў пасля матылькоў першага пакалення. Стадыя яйца доўжыцца каля 10 дзён, стадыя вусеня — 6—7 тыдняў, стадыя кукалкі 1—2 тыдні. Працягласць жыцця імага складае каля 7 дзён[1].
Самкі пасля спарвання адкладаюць 200—400 яйцаў паасобку або невялікімі групамі на ніжнім баку лісця кармавых раслін драўняных парод. Адкладванне яйцаў самкай пачынаецца ўвечары пасля завяршэння спарвання і працягваецца некалькі дзён. Яйцы маюць плямістую бела-карычневую афарбоўку, злёгку авальную форму і прыкладна 1,5 мм у дыяметры[1].
Вусень за перыяд развіцця праходзіць 5 узростаў. Кожны ўзрост (перыяд паміж лінькамі) звычайна доўжыцца каля 4—10 дзён. Вусені ўсіх узростаў зялёныя, хоць у першых двух узростаў маюцца некаторыя варыяцыі, пры якіх яны маюць чорныя плямы на спінным баку цела. Да канца развіцця вусені дасягаюць даўжыні да 70-90 мм. Акукляюцца на зямлі ў тонкім і аднаслаёвым шаўковым кокане. Стадыя кукалкі доўжыцца прыкладна 1—2 тыдні, калі асобіна не знаходзіцца ў зімовай дыяпаўзе; у гэтым выпадку стадыя кукалкі доўжыцца каля дзевяці месяцаў. Калі самкі выходзяць з коканаў, яны ляцяць да кармавых відаў дрэў, выпускаюць ферамоны і чакаюць, пакуль самцы знойдуць іх для спарвання. У імага ротавы апарат рудыментарны, і яны не харчуюцца. Жывуць за кошт тлушчавых запасаў, назапашаных падчас стадыі вусеня[1].
- ↑ а б в г д е Tuskes P.M., Tuttle J.P., Collins M.M. (1996), The Wild Silk Moths of North America: A Natural History of the Saturniidae of the United States and Canada, Ithaca, New York: Cornell University Press, pp. 182—184, ISBN 978-0801431302
- ↑ а б Распространение и питание сатурнии луны на funet.fi Архівавана 24 мая 2011.