Пераважная большасць вядомых відаў гэтых ракападобных жыве ў трапічных і субтрапічных морах на невялікай глыбіні. Від Squilla oratoria сустракаецца і даволі звычайны ў Міжземным моры. У Індыйскім і Ціхім акіянах вядзецца промысел буйных прадстаўнікоў атраду.
Цела досыць вялікае, дасягае да 34 см даўжынёй. Яно раздзелена на некалькі аддзелаў: протацэфалон, галавагрудзі, грудзі і развітае сегментаванае брушка. Галавагрудзі ў сваю чаргу складаюцца са злітых трох галаўных і чатырох грудных сегментаў. У склад грудзей уваходзіць чатыры свабодных сегменты.
Першая пара грудных ножак выконвае ролю органа пачуццяў. Наступныя ножкі, з другой па пятую пары — хапальныя, яны прызначаны для захопу і ўтрымання здабычы. І толькі апошнія тры пары выконваюць хадзільную функцыю. Акрамя таго, на першых пяці парах грудных ног маюцца жабры, якія выконваюць функцыю органа дыхання.
Хапальныя ногі маюць незвычайную асаблівасць: у іх апошні членік лапак востры і зубчасты. Ён падобны да ляза нажа і ўкладваецца ў спецыяльную падоўжную баразну перадапошняга членіка, як складаны нож. Першая пара хапальных ног самая буйная і моцная, імі прадстаўнікі атраду хапаюць здабычу, а астатнія хапальныя ножкі толькі яе ўтрымліваюць. Паколькі па будове хапальных ног віды атраду шмат у чым падобныя на насякомых-багамолаў, то гэта і паслужыла падставай для іх назвы на некаторых мовах: ракі-багамолы.
Брушны аддзел прыкметна даўжэйшы за пярэднюю частку цела. Пры гэтым першыя пяць брушных ножак двухгаліновыя, лістападобныя, з пёрыстымі шчацінкамі. Функцыі пярэдніх брушных ножак вельмі разнастайныя. З іх дапамогай прадстаўнікі атраду здольныя плаваць. На ўсіх пярэдніх брушных ножках размяшчаюцца шчэлепы, якія маюць выгляд танкасценных, шматкроць разгалінаваных прыдаткаў, што спрыяе ўзбагачэнню іх гемалімфы кіслародам. У самцоў першыя дзве пары брушных ног ператвораныя ў спецыяльны капулятыўны апарат, які грае вызначальную ролю ў размнажэнні. Апошняя пара брушных ног трохі сплясканая і разам з тэльсанам яны ўтвараюць хваставы плаўнік, які гуляе важную ролю ў манеўраным плаванні.
Развіццё гэтых ракападобных адбываецца з метамарфозам.
Прадстаўнікі атраду лічацца ўладальнікамі самых складаных вачэй жывёльнага свету. Па-першае, яны адрозніваюць 12 асноўныя колеры, а гэта ў чатыры разы больш, чым здольныя людзі. Па-другое, яны адрозніваюць розныя віды светлавой палярызацыі, гэта значыць вызначаюць кірунак ваганняў светлавой хвалі. Па-трэцяе, іх святлоадчувальныя вочныя клеткі круцяцца адносна плоскасці палярызацыі святла, успрымаючы практычна ўвесь бачны спектр — ад ультрафіялетавай мяжы да інфрачырвонай.
Большасць відаў атраду капаюць норы ў марской глебе. Большую частку часу яны праводзяць у норах, дзе закопваюцца ў глебу пярэднім канцом цела, варочаючы рострумам і нагашчэлепамі. Гатовая нара звычайна мае два выйсця, і вада, якую накіроўваюць узмахамі пярэдніх брушных ножак, свабодна працякае праз яе. Нара Lysiosquilla excavathrix дасягае глыбіні 1 метр. Дробныя віды, якія адносяцца да родаў Gonodactylus і Coronida хаваюцца ў шчылінах паміж галінамі розных каралаў. А ёсць і такія дробныя віды, якія самі норкі не капаюць, а выкарыстоўваюць нары буйнейшых субратаў. Практычна ўсе прадстаўнікі атраду распаўсюджаныя ў цёплых морах. Яны вядуць драпежны лад жыцця, палюючы на дробных бесхрыбтовых. Вылазячы вонкі са сваіх нор, яны поўзаюць па паверхні глебы з дапамогай задніх грудных ног, дапамагаючы сабе і нагашчэлепамі. Пры гэтым яны згінаюцца і рак абапіраецца на іх, як на мыліцы. Могуць ракі пры неабходнасці і даволі хутка плаваць.
Daniel Cressey. Shrimp's super sight(нявызн.). The Great Beyond. nature.com (14 травня 2008). Архівавана з першакрыніцы 16 січня 2011. Праверана 3 листопада 2017.