Музыка
Музыка (ад грэч. μουσική — літар. «мастацтва муз») — від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання рэчаіснасці, увасаблення мастацкіх вобразаў і ўздзеяння на чалавека служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі. Асноўныя элементы і выразныя сродкі музыкі — лад, рытм, метр, мелодыя, тэмп, гармонія і інш. Фіксуецца ў нотным запісе і рэалізуецца ў працэсе выканання. Падзяляецца на роды і віды — тэатральная (опера, балет і г.д.), сімфанічная, камерная і інш.; на жанры — песня, харал, танец, марш, сімфонія, сюіта, саната і інш.; выдзяляецца таксама свецкая і духоўная (пераважна культавая) музыка. Па выканаўчым сродкам падзяляецца на вакальную (спевы), інструментальную і вакальна-інструментальную. Музыка часта спалучаецца з харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, кіна-мастацтвам. Адрозніваюць музыку аднагалосную (манодзія) і шматгалосную (паліфанія).
Гісторыя
правіцьЯк самастойны від мастацтва музыка зарадзілася яшчэ ў першабытным грамадстве. Музычная культура першых цывілізацый свету (Егіпет, Месапатамія, Індыя, Кітай, Грэцыя) характарызавалася дзейнасцю прафесійных музыкантаў, якія выступалі пры дварах мясцовых кіраўнікоў, падчас грамадскіх святкаванняў, масавых абрадавых дзействаў.
У эпоху Сярэднявечча для музыкі былі характэрны строгая традыцыйнасць, кананічнасць, калектыўнасць, слабае выяўленне індывідуальнага пачатку. У эпоху Адраджэння ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе на аснове ідэалогіі гуманізму расквітнела свецкае мастацтва, якое вызначалася большай свабодай ад кананічных нормаў, узрастаннем творчай індывідуальнасці. У гэтым плане вельмі цікава музычнае мастацтва Вялікага княства Літоўскага. На працягу 17—20 ст. кампазітарская творчасць развівалася пад уплывам і ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў — барока, класіцызм, ракако, рамантызм, рэалізм, імпрэсіянізм, авангардызм і інш. Атрымалі шырокае распаўсюджанне опера і балет. З сярэдзіны 19 ст. у Заходняй Еўропе фарміруецца новы музычна-тэатральны жанр аперэта; у прафесійнай творчасці выдзяляецца самастойная лінія «лёгкай» (побытавай, танцавальнай) музыкі, нараджаецца забаўляльная эстрадная музыка. Найбольш яркімі, таленавітымі кампазітарамі 18-20 ст. з’яўляліся І. С. Бах, В. А. Моцарт, Л. ван Бетховен, Ф. Шапэн, Ф. Ліст, Э. Грыг, Дж. Вердзі, Дж. Пучыні, Р. Вагнер, П. Чайкоўскі, С. Рахманінаў, Р. Штраус, Г. Малер, І. Стравінскі, А. Шонберг, Б. Брытэн, С. Пракоф’еў, Дз. Шастаковіч, Л. Бернстайн, Дж. Гершвін. У 20 ст. узніклі і атрымалі шырокае распаўсюджанне такія новыя музычныя кірункі, плыні, віды мастацтва, як джаз, рок-музыка, поп-музыка.
Тэорыя музыкі
правіцьТэарэтычныя аспекты музыкі вывучае музыказнаўства.
Тэорыя музыкі шукае адказы на пытанні аб тым, якім правілам падпарадкоўваецца музыка, што ляжыць у яе аснове і чаму трэба навучыцца, каб не толькі граматна выконваць музыку, але і разумець яе. Пры непасрэдным успрыманні музыкі, з аднаго боку, і яе рацыянальным аналізе, з другога боку, вылучаюцца ўніверсальныя (характэрныя для любой музыкі) катэгорыі — гармонія, рытм і форма. У той час як рытм і форма ўласцівыя таксама іншым відам мастацтваў, гукавышынная структура (гармонія) — унікальная, уласцівая толькі музыцы, сутнасць. Мелодыя і поліфанія, хоць і не з’яўляюцца такімі ўніверсальнымі, як гармонія, рытм і форма, у шэрагу канкрэтных музычных складоў набываюць вялікае значэнне.
Прыкладная тэорыя, засноўваючыся на матэрыяле даследаванняў, ставіць сваёй мэтай стварэнне і ўдасканаленне метадаў навучання музыцы, якія дазваляюць авалодваць выканальніцкай практыкай, трэніраваць успрыманне музыкі. Базавымі навыкамі з’яўляюцца сальфеджыа — чытанне музыкі з ліста, аналіз і запіс нот на слых, чытанне розных відаў партытур, аркестровак, мастацтва імправізацыі, азы кампазіцыі[1].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Теория музыки // Энциклопедия Кольера. — Открытое общество. 2000.
Літаратура
правіць- Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. — 384 с.:іл. — ISBN 985-11-0277-6